Этнічныя меншасці ў ВКЛ. 7 клас

Предмет: История
Категория материала: Презентации
Автор:

Акрамя беларусаў на тэрыторыі нашай зямлі ў часы ВКЛ пражывалі літоўцы, рускія, татары, яўрэі, палякі і іншыя этнічныя супольнасці. Літоўцы разам з беларусамі з’яўляліся тытульным насельніцтвам княства. Перасяленцы з Польшчы з’явіліся ў ВКЛ у другой палове XIV ст. у якасці палонных, захопленых у час паходаў вялікіх князёў літоўскіх. Росту польскага насельніцтва ў Беларусі садзейнічалі дзяржаўныя уніі ВКЛ з Польшчай. На тэрыторыі Беларусі сялілі ўзятых у палон маскоўскіх ратнікаў. Даволі значныя групы перасяленцаў з Маскоўскай дзяржавы з’явілася ў ВКЛ у XVІ – XVІІ стст. Гэта былі пераважна прадстаўнікі рэлігійнай (ерэтыкі Феадосій Касы, старац Арцемій) і палітычнай (князь Андрэй Курбскі) апазіцыі. З сярэдзіны XVІІ ст. на поўначы Беларусі пасяліліся стараверы (ці як іх называлі на Беларусі – “маскалі”).

Татары пачалі сяліцца на Беларусі верагодна ў першай палове XІV ст. Ужо Гедымін выкарыстоўваў татарскае войска у барацьбе з крыжакамі. Шырокае рассяленне татар пачалося ў канцы XІV – першай трэці XV ст. Сярод іх вылучаліся прывілеяваныя і непрывілеяваныя групы. Да першай групы адносіліся князі – прамыя нашчадкі залатаардынскіх ханаў (іх вярхоўная ўлада выкарыстоўвала ў дыпламатычных адносінах з Крымскім ханствам і Турцыяй), а таксама нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, неслі ваенную службу, а таксама выконвалі на карысць князя каравульную, кур’ерскую, падводную павіннасці. “Простыя людзі” – гэта самая шматлікая група татар. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе тыя займаліся агародніцтвам, гарбарствам, возніцтвам.

Даволі вялікія пасяленні татар былі на захадзе Беларусі: у Гародні, Берасці, Лідзе, Наваградку, Менску. Прыхільнае стаўленне да татарскага насельніцтва з боку вярхоўнай улады было абумоўлена рэлігійнай талерантнасцю, ваеннымі і дыпламатычнымі інтарэсамі. Разам з існавалі абмежаванні ў палітычнай сферы, якія накладаліся на татар. Так, татары не маглі выбірацца ў прадстаўнічыя органы ўлады – сойм і соймікі. Таму татары змаглі вызначыцца толькі на такіх дзяржаўных пасадах як пісар у канцылярыі ВКЛ або дыпламат. Пасля Люблінскай уніі становішча татар пагоршылася. Ва ўмовах наступлення Контррэфармацыі татарам забаранялася будаваць мячэці, татарскай знаці забаранялася мець прыгонных-хрысціян, набываць шляхецкія ўладанні, займаць афіцэрскія пасады ў войску. У выніку многія татары з’ехалі ў Крым і Турцыю. Татары спавядалі іслам, іх галоўнай свяшчэннай кнігай быў Каран. Большасць татар у XVI – XVII стст. забыла сваю спрадвечную мову і ў паўсядзённым жыцці карысталася польскай і беларускай мовамі. Нават іх свяшчэнныя кнігі (Аль Кітабы) былі напісаны па-беларуску, але арабскімі літарамі.

Яўрэі пачалі сяліцца на Беларусі яшчэ ў VІІІ ст. Масава засяляць Беларусь яўрэі сталі ў XІV-XV стст. Іх праследвалі у Заходняй Еўропе, а ў ВКЛ прытрымліваліся палітыкі талерантнасці. Ужо ў часы Вітаўта існавалі 5 яўрэйскіх абшчын, у тым ліку ў Гродна і Берасці. У цэнтральных і ўсходніх землях Беларусі яўрэі з’явіліся ў XVІ ст. На яўрэяў накладаліся абмежаванні. Так, яны не маглі набываць зямельную ўласнасць, служыць у войску, хаця ў некаторых прыватных гарадах яўрэі маглі мець свае палкі і ўдзельнічаць у абароне населенага пункта. Каб пазбегнуць абмежаванняў трэба было прыняць хрысціянства. Такім чынам, прававое становішча яўрэяў вызначаў рэлігійны фактар. Яўрэі заўсёды жылі ізалявана – асобнымі кварталамі і абшчынамі – кагаламі, і спавядалі іўдаізм. Яўрэйскае насельніцтва жыло пераважна ў гарадах. Гэта тлумачылася эканамічнымі прычынамі. Яны былі добрымі прадпрымальнікамі і плацілі добрыя падаткі. Да таго ж яны лепш усяго арганізоўвалі функцыянаванне такіх важных галін, як збор падаткаў, гандлёвых пошлін (мытная справа), крэдытарскую дзейнасць. Яўрэі былі таксама добрымі рамеснікамі (праўда, у гарадскія цэхі яны не ўваходзілі, а стваралі свае “брацтвы”).

Яшчэ адным этнасам, які з’явіўся ў ВКЛ у XV ст., сталі цыганы. Паходжанне гэтага народа звязваюць з Індыяй, адкуль яны пачалі рассяляцца ў пачатку нашай эры. У 1501 г. вялікі князь Аляксандр афіцыйна дазволіў цыганам сяліцца на тэрыторыі Княства і даў ім пэўныя прывілеі. Цыганы вялі вандроўны лад жыцця (вандравалі табарамі з трох-пяці сем’яў), захоўвалі побытавую спецыфіку і племянную арганізацыю. Актыўна займаліся конегадоўляй, кавальствам і гандлем коньмі, не грэбавалі канакрадствам. Жанчыны клапаціліся пра забеспячэнне сям’і харчаваннем, займаліся варажбой, папрашайніцтвам, знахараствам, спевамі і танцамі.

Тип материала: Презентация Power Point (ppt)
Размер: 4.83 Mb
Количество скачиваний: 7
Просмотров: 149

Похожие материалы