Вогненныя вёскі Случчыны-сёстры Хатыни
Предмет: | История |
---|---|
Категория материала: | Презентации |
Автор: |
Бартошик Наталья Петровна
|
Першыя са спіска. Лік спаленых вёсак на Случчыне пачынаецца з першых дзён вайны. Тады, у чэрвені 1941 года, падчас бою ў раёне Кучына, які далі немцам часткі Чырвонай Арміі пад камандаваннем палкоўніка Тутарынава, згарэлі размешчаныя побач Маскоўска-Варшаўскай шашы вёскі Стары Гуткоў і Каліта. Крыху больш чым праз год, у канцы кастрычніка 1942 года, жалобны спіс папоўняць Жылін Брод і Фадзееўка. Іх фашысты палілі ўжо мэтанакіравана. Гэта была акцыя помсты і ўстрашэння за напад на нямецкую калону, калі партызаны знішчылі каля 50 салдат і тры аўтамабілі. Жыхароў узгаданых вёсак прыгналі ў Грэск, дзе тры дні дапытвалі наконт сувязі з «бандытамі», але нікога не расстралялі. Калі яны былі адпушчаны, то вяртацца не было куды – Жылін Брод і Фадзееўку карнікі абрабавалі і спалілі. Трэба адзначыць, што да восені 1942 года Случчына добра зведала «хароствы» новага парадку. Рабавалася насельніцтва, пачаўся вываз молодзі на прымусовую працу ў Германію, расстрэльваліся былыя партыйныя, савецкія работнікі і проста актывісты. Жахоўнай падзеяй стала знішчэнне ў кастрычніку 1941 года Слуцкага гета. Аднак масавых карніцкіх акцый супраць вясковага насельніцтва не было. Ніхто не мог і падумаць, што праз некалькі месяцаў немцы будуць паліць вёскі разам з іх жыхарамі. Прычынай змены адносін акупантаў да мясцовага насельніцтва стаў не толькі рост партызанскага руху. Вёскі лясной зоны Случчыны, іх жыхары разглядаліся немцамі як матэрыяльная база для «бандытаў» і рэзерв для папаўнення іх колькасці.
Цынічныя назвы. Для навядзення парадку ў нямецкіх штабах розных узроўняў былі распрацаваны карніцкія акцыі. Дакладней, гэта былі масштабныя аперацыі, бо ўдзел у іх прымалі карнікі, жандармерыя, дапаможная паліцыя, вайсковыя часці з тэхнікай і нават авіяцыяй. Ахоплівалі яны не толькі тэрыторыю Случчыны, але і суседніх раёнаў.
Назвы аперацый, улічваючы іх жахлівыя наступствы, гучаць цынічна. Вось іх пералік:
«Erntefest 1» (Свята уражаю 1) – праводзілася з удзелам 11 батальёнаў у студзені 1943 года; «Erntefest 2» (Свята уражаю 2) – праводзілася з удзелам 13 батальёнаў у студзені–лютым 1943 года; «Februar» (Люты) – праводзілася ў лютым – сакавіку 1943 года з удзелам трох палкоў SS і пяці карніцкіх батальёнаў; «Marathon» (Марафон)- проводзілася ў маі – чэрвені 1944 года, колькасць удзельнікаў невядома (галоўная мэта – зачыстка тэрыторыі блізкай да лініі фронта). Згодна з планамі, вайсковыя часці блакірава-лі месцы размяшчэння партызанскіх атрадаў і адразалі іх ад населеных пунктаў. Тым часам карніцкія батальёны сумесна з паліцыяй палілі вёскі і знішчалі іх насельніцтва.
Для карнікаў свое-асаблівай рэпетыцыяй напярэдадні вышэйзгаданых аперацый стала знішчэнне 8 лютага 1943 года другога Слуцкага гета, якое размяшчалася ў раёне сучасных вуліц Капыльская і Парыжскай Камуны.
Жудасныя тэхналогіі. Знішчэнне слуцкіх сель-скіх населеных пунктаў было дэталёва спланавана. Па ўспамінах выжыўшых сведак можна вызначыць два асноўныя сцэнарыі. Ва ўсіх вёсках жыхароў зганялі ў адно месца (звычайна ў цэнтр). Там ішла іх фільтрацыя. Родзічаў і сваякоў паліцэйскіх адпускалі, дазваляючы ўзяць уласную маёмасць. Маладых і здаровых (іх было нямнога) адбіралі для адпраўкі ў Германію. Цікавілі карнікаў і здаровыя дзеці, якіх таксама збіралі асобна. Потым яны апынуцца ў канцэнтрацыйных лагерах (у тым ліку і Слуцкім) у якасці донараў. Падчас фільтрацыі паліцыя рабіла ператрусы ў хатах. Усё каштоўнае збіралася на падводы і вывозілася. Кароў зганялі ў статак. З ліку падлеткаў выбіралі пагоншчыкаў, якія пад наглядам паліцэйскіх павінны былі даставіць жывёлу ў Слуцк. Гэтым хлапчукам пашанцавала. Многіе з іх па дарозе збеглі і таму засталіся жыць. Астатніх, асуджаных на смерць, заганялі ў вялікія гаспадарчыя будынкі і спальвалі жывымі. Тых, хто спрабаваў вырвацца з агню і збегчы, расстрэльвалі і кідалі ў агонь. У другіх вёсках жыхарам прыказвалі вяртацца ў хаты і чакаць. Праз нейкі час карнікі заходзілі ў кожны дом, забівалі людзей і ўжо потым палілі жыллё разам з гаспадарчымі пабудовамі. Менавіта па такіх сцэнарыях у студзені–сакавіку 1943 года былі знішчаны: Адамова, Апаліны, Баравая, Беразінец, Вер-бішчына, Вараб’ёва, Гандарэва, Гольчыцы, Задоўба, Захацінава, Крушнік, Краснае, Кошышчы, Пераходы, Перавалока, Пільня, Падстарэва, Палікараўка, Паўлаўка (Амговіцкі сельсавет), Руднаўка, Рудня, Лазараў Бор, Лявішча, Ніва, Навінкі, Старэва, Строхава, Хорашава, Чырвоная Старонка. Дзевяць вёсак з гэтага спісу былі спалены 23 лютага. Менавіта гэтая дата лічыцца на Случчыне Днём памяці аб ахвярах знішчаных вёсак.
Апошнія са спіска. Закранем лёс і другіх спаленых вёсак. Гутніца, па успамінах сведак, згарэла ў красавіку 1943 года пасля таго, як па ёй быў нанесены бомбавы ўдар нямецкім самалётам.Падчас жорскага бою партызан са старобінскімі паліцэйскімі ў пачатку верасня 1943 года амаль поўнасцю выгарэлі Панічы.Апошняй знішчанай вёскай на Случчыне лічыцца Новы Гуткоў. Побач з ёй базіраваўся нямецкі аэрадром. За некалькі дзён да вызвалення, у червені 1944 года, фашысты спалілі вёску. Праўда яе жыхары загадзя перабраліся ў лес. Ахвяры і сведкі. Дакладных дадзеных аб загінуўшых на Случчыне падчас пералічаных вышэй карніцкіх аперацый няма. Калі абапірацца на дадзеныя Нацыянальнага архіва РБ, то выходзіць, што фашысты забілі і спалілі каля тысячы чалавек. Але ж ахвяр было больш. Адзначым, што карнікі вярталіся на месцы спаленых вёсак, праводзізі зачыстку лясных лагераў, дзе хаваліся жыхары партызанскай зоны. Там таксама было нямала забітых. Сярод жыхароў спаленых вёсак былі і тыя, каму ўдалося застацца жывымі. У кожнага з іх асобная гісторыя: адныя на момант прыхода карнікаў адсутнічалі дома, другія змаглі прабрацца праз ачапленне ці збегчы, калі суправаджалі нарабаваную фашыстамі маёмасць. Здараліся і цуды, калі людзі былі паранены і змаглі выбрацца з пылаючых хат.За апошнія гады супрацоўнікі Слуцкага краязнаўчага музея запісалі паўсотні ўспамінаў сведак.Сёння на Случчыне жыве крыху больш 30 чалавек – нашчадкаў вогненных вёсак. Самым маладзейшым з іх ўжо пад 80 гадоў. Час ад часу іх запрашаюць на сустрэчы з вучнямі мясцовых школ. І кожны ўспамін прымушае іх зноў перажываць тыя жахлівыя падзеі. Васіль Цішкевіч
Гаворыць сведка. (З успамінаў Фёдара Жураўскага, былога жыхара вёскі Пераходы)
«Карнікі акружылі нашу вёску ў 10 гадзін раніцы. Яны спачатку абрабавалі жыхароў, потым адбіралі моладзь, каб адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Хата маіх бацькоў стаяла на краю вёскі. Сюды паліцэйскія зганялі жывёлу. З нас, падлеткаў, былі прызначаны пагоншчыкі, якія павінны былі гнаць жывёлу ў Слуцк.
У нашай хаце, акрамя маці, браціка і сястры, сабраліся родзічы і суседзі. Усе былі напужаны і чакалі, што будзе далей. Я ўзяў малодшага браціка Віктара за руку і разам з ім падышоў да пагоншчыкаў жывёлы. Каля іх на возе сядзела мая аднавяскоўка з дзеткамі, якую паліцай з суседняй вёскі вывозіў з Пераходаў. Я папрасіў забраць з сабою Віцю. Яна адразу згадзілася, а паліцай змаўчаў, хоць і быў вельмі незадаволены.
Праз нейкі час я разам з пагоншчыкамі пагнаў кароў у напрамку да Шышчыцаў. Абапал дарогі адкрылася страшэнная карціна: ніводнай вёскі не засталося, адны коміны тырчалі ад спаленых хат, а па ўзбочынах ляжалі целы забітых людзей. Калі пачало цямнець, мы разам з Лідай Галяс, Андрэем Рубскім уцяклі ў лес і да раніцы вярнуліся ў Пераходы. Вёскі ўжо не было, яе спалілі карнікі. З жыхароў уцалелі толькі Іван Ліневіч, мой равеснік, і дарослая жанчына Стэфаніда Дардынская, якая страціла ў гэты дзень шасцярых сваіх дзетак, а сама параненая выпаўзла з пылаючага дома».
Тип материала: | Презентация Power Point (ppt) |
---|---|
Размер: | 1.24 Mb |
Количество скачиваний: | 7 |